:

40 год з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС

27.04.2026 г.

Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС — найбуйнейшая радыяцыйная аварыя, якая пацягнула за сабой буйнамаштабныя эканамічныя і сацыяльна-псіхалагічныя наступствы. Яна паўплывала на лёсы мільёнаў людзей, запатрабавала максімальнай мабілізацыі сіл і сродкаў для пераадолення яе наступстваў.

На тэрыторыю Рэспублікі Беларусь прыпала 35 % чарнобыльскіх выпадзенняў цэзію-137 – асноўнага радыенукліду, які вызначае цяпер радыяцыйнае становішча. Было забруджана 23% тэрыторыі, у т.л. больш за 1,8 млн. га сельскагаспадарчых зямель (каля 20% іх агульнай плошчы), больш за 2 млн. га лясоў (каля 23%). Кароткажывучымі радыеактыўнымі ізатопамі ёду (у асноўным ёдам-131) была забруджана практычна ўся тэрыторыя.

У выніку катастрофы пацярпелі 56 раёнаў рэспублікі, больш за 3 600 населеных пунктаў з насельніцтвам каля 2,5 млн. чалавек, у тым ліку 1,5 млн. дзяцей. Вакол ЧАЭС утворана 30-кіламетровая зона адчужэння.

Сумарны ўрон, нанесены чарнобыльскай катастрофай, ацэньваецца ў 235 млрд. долараў ЗША, што складае 32 бюджэты рэспублікі 1985 года. Вярхоўным Саветам БССР у 1989 годзе рэспубліка аб'яўлена зонай нацыянальнага экалагічнага бедства. 

Эвакуацыя, ліквідатары, работы па дэзактывацыі

Эвакуацыя і перасяленне жыхароў з'явіліся кардынальнай мерай радыяцыйнай аховы насельніцтва. Усяго адселена 137,7 тыс. чалавек з 471 населенага пункта (295 — у Гомельскай, 174 — у Магілёўскай і 2 — у Брэсцкай вобласці), з іх 75 працэнтаў — жыхары Гомельскай вобласці. Адначасова з эвакуацыяй і арганізаваным перасяленнем самастойна пакінулі тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання каля 200 тысяч чалавек.

Эвакуіраваныя і пераселеныя грамадзяне былі забяспечаны жылымі памяшканнямі, кампенсацыйнымі выплатамі і льготамі.

У першапачатковы пасляаварыйны перыяд у якасці ахоўных мераў нараўне з адсяленнем праводзілася дэзактывацыя, г.зн. ачыстка ад радыенуклідаў забруджаных тэрыторый устаноў і аб'ектаў.

Для правядзення дэзактывацыйных работ у раёнах, якія зазналі радыеактыўнае забруджванне ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, ажыццяўлення мер накіраваных на паляпшэнне санітарнага стану і зніжэнне радыяцыйнай небяспекі па даручэнню Урада ў 1991 годзе былі створаны спецыялізаваныя прадпрыемствы «Палессе» (Гомельская вобласць) і «Радон» (Магілёўская вобласць).

Медыцынскія і сацыяльныя наступствы

Асноўным напрамкам дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі ў адносінах да грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, з'яўляецца аказанне дапамогі сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва, прадастаўленне льгот і кампенсацый, прадугледжаных законам Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый».

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік (ПДРЭЗ). Прырода без чалавека

У 1988 годзе на адселеных тэрыторыях Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў, якія ўяўляюць небяспеку для пражывання, створаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Яго плошча складае 217 тыс. га або 1 % ад агульнай тэрыторыі краіны.

Асноўная мэта яго стварэння — ажыццяўленне комплексу мерапрыемстваў па прадухіленні пераносу радыенуклідаў на сумежныя тэрыторыі, вядзенне радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, вывучэнне ўплыву радыяцыі на прыродныя раслінныя комплексы і жывёльны свет, распрацоўка тэхналогій рэабілітацыі забруджаных тэрыторый.

У адпаведнасці з падыходамі МАГАТЭ тэрыторыя ПДРЭЗ вызначана як зона радыяцыйнай аварыі і аб'ект ядзернай спадчыны. Гэта тэрыторыя, якая падвергнулася радыеактыўнаму забруджванню ў выніку аварыі на атамнай электрастанцыі, якая мае дадатковы статус — «радыяцыйна-экалагічны запаведнік», г.зн. зона асаблівага прававога рэжыму. 

Рэабілітацыя. Вяртанне зямель у абарот. Радыяцыйны кантроль і навука

З 1986 года плошча тэрыторыі рэспублікі, забруджанай цэзіем-137, у выніку яго радыеактыўнага распаду зменшылася ў 1,8 разы — з 23 % да 12,3 % або з 46,6 да 25,5 тыс. км2, плошча забруджвання стронцыем-90 скарацілася амаль у 1,9 разы (з 10 да 5,3% або з 21,1 да 11,8 тыс. км2).

Плошча забруджаных сельскагаспадарчых зямель складае 0,8 млн га. Плошча радыеактыўнага забруджвання ляснога фонду складае каля 1,47 млн. га.

З 1993 года вернута ў сельскагаспадарчае выкарыстанне 20,5 тыс. га зямель у Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях, з іх 11 тыс. га ўведзена з абмежаваннямі па культурах, што вырошчваюцца. Зямлі выкарыстоўваюцца ў адпаведнасці з асноўным мэтавым прызначэннем для вядзення на іх сельскай гаспадаркі з абавязковым кантролем радыялагічнай якасці прадукцыі.

Прымяненне комплексу ахоўных мерапрыемстваў садзейнічала істотнаму зніжэнню доз унутранага апрамянення насельніцтва і скарачэнню колькасці населеных пунктаў рэспублікі, у якіх сярэдняя гадавая эфектыўная доза апрамянення насельніцтва перавышае заканадаўча ўстаноўленую мяжу — 1 мЗв. З 1992 па 2025 год колькасць такіх населеных пунктаў скарацілася з 1022 да 5.

Пераадоленне наступстваў чарнобыльскай катастрофы стала задачай дзяржаўнай значнасці.

Адраджэнне. Сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых рэгіёна

Сучасная Беларусь знаходзіцца на чарговым этапе вырашэння чарнобыльскіх праблем — ажыццяўлёны пераход ад рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый да іх актыўнага адраджэння і паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця з абавязковым захаваннем неабходных мер радыяцыйнай абароны.

У комплексе вырашаюцца пытанні сацыяльных гарантый, экалагічнага дабрабыту на аснове дасягнення дынамічнага і ўстойлівага развіцця чарнобыльскіх рэгіёнаў. Пацвярджэннем гэтага з'яўляецца прыняцце Праграмы развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025-2030 гады. Стратэгія развіцця раёнаў зыходзіць з трох асноўных складнікаў: эфектыўная і збалансаваная эканоміка, фізічны і маральны дабрабыт, камфортнае пражыванне. Пры гэтым улічана спецыялізацыя кожнага раёна, асаблівасці вядзення гаспадарчай дзейнасці ва ўмовах выканання ахоўных мерапрыемстваў у рамках ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Памяць і традыцыі. Сувязь пакаленняў

26 красавіка — памятная дата ў Беларусі — Дзень чарнобыльскай трагедыі. У гэты дзень па ўсёй краіне праводзяцца мітынгі-рэквіемы. Усе ўспамінаюць герояў-чарнобыльцаў, тых, хто, не шкадуючы жыцця і здароўя, спыніў радыяцыйную стыхію і прадухіліў вялікую бяду.

Пасля чарнобыльскай аварыі з 479 забруджаных населеных пунктаў іх жыхары былі эвакуіраваны і пераселены на чыстыя тэрыторыі, а вёскі і сёлы знесены і пахаваны.

Чарнобыльская трагедыя змяніла ўклад жыцця, але не зламала людзей, якія ставяцца з любоўю да роднай зямлі, не забываюцца пра мінулае, беражліва захоўваюць і шануюць традыцыі. Яны памятаюць аб сваёй малой Радзіме, вяртаюцца туды, каб захаваць для нашчадкаў памяць аб мінулым. На адселенай тэрыторыі засталіся 264 могілкі. Таму на Радаўніцу — у дзень памінання продкаў — дазволены ўезд у чарнобыльскую зону.

У Мінску ў 90-х гадах мінулага стагоддзя на сродкі грамадскіх арганізацый пабудаваны чарнобыльскі храм-помнік у гонар абраза Божай Маці «Спагнанне загінуўшых», устаноўлены памятны знак «Ахвярам Чарнобыля», дзе штогод праводзяцца афіцыйныя мерапрыемствы. Ва ўрачыстых цырымоніях ускладання кветак і вянкоў удзельнічаюць прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, адміністрацыі горада, буйных прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, грамадскіх маладзёжных і ветэранскіх арганізацый, удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі, жыхары адселеных вёсак.

У Беларусі памятаюць герояў, якія бралі непасрэдны ўдзел у тушэнні пажару на Чарнобыльскай АЭС. Штогод у дзень трагедыі на цэнтральнай плошчы Брагіна, размешчанага за 45 км ад рэактара, праходзіць мітынг-рэквіем каля манумента адселеным вёскам і бюста пажарнага Васіля Ігнаценкі, які цаной свайго жыцця разам з групай таварышаў заступіў шлях вогненнай стыхіі. У Мінску ганаровае імя Васіля Ігнаценкі носіць адна з вуліц.

Памяць аб наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС неабходна назаўжды захаваць для людзей як бясцэнны ўрок і перасцярогу будучым пакаленням, захоўваць у творчасці, творах культуры і мастацтва.

Важна, каб пра чарнобыльскую трагедыю памяталі не толькі грамадзяне дзяржаў, якія прынялі на сябе асноўны ўдар катастрофы, але і ўся сусветная супольнасць.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці